г. Гарадок
i Гарадоцкі раён

V14 GorodokG
V15 GorodokF

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 года № 36 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 лютага 2006 года № Б-73. Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лютага 2011 г. № 86 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 15 сакавіка 2011 г. № Б-189.

Герб:  У залатым полі барочнага шчыта выява льва, які стаіць, натуральнага колеру, павернутага направа.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з дзвюх роўнавялікіх гарызантальных палос: верхняй чырвонай і ніжняй жоўтай, у цэнтры правага боку палотнішча – выява герба горада Гарадка і Гарадоцкага раёна.

Упершыню герб Гарадка ў прадстаўленай ізаграфіі быў апублікаваны ў кнізе А. Цітова «Гарадская геральдыка Беларусі». У іншай кнізе таго ж аўтара («Геральдыка беларускіх местаў») змешчаны таксама малюнак герба, датаваны 40-мі гг. XIX ст. Ён захоўваецца ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве, ф. 1343 «Дэпартамент Герольдыі» (ён жа «Трэці Дэпартамент Сената»), воп. 15 «Гербавае аддзяленне – пра гербы імператарскага дома, абласныя, губернскія, гарадскія і дваранскія». Выказваецца меркаваньне, што герб Гарадка існуе з XVI ст.

Гарадская геральдыка Вялікага Княства Літоўскага ў XVI ст. нясе на сабе, безумоўна, адбітак заходнееўрапейскай традыцыі. Да таго часу ў Еўропе склалася выразная сістэма паняццяў і знакаў у геральдыцы. Так, вядома, што выява льва (леапарда) – адна з самых распаўсюджаных у геральдыцы – трактуецца як сімвал улады, сілы, адвагі, вялікадушнасці. Любая жывёла ідэнтыфікуецца, акрамя ўласна назвы, па двух прыкметах – паставе і атрыбутах. Існуе каля сарака пастаў гэтай жывёлы. На гербе Гарадка леапард, які стаіць (або леў які стаіць) глядзіць уперад.

Тут варта нагадаць, што выявы львоў размешчаны таксама на гістарычных гербах Ліды (1590), Слоніма (1591) і сучасных – Івянца (1998), Парычаў (2001), Воранава (2006).

Герб г. Гарадка і Гарадоцкага раёна i палажэнне аб iм зацверджаны рашэннем Гарадоцкага раённага Савета дэпутатаў ад 25 верасня 2002 г. № 16-4. Флаг адобраны рашэннем Гарадоцкага раённага выканаўчага камітэта ад 24 мая 2010 г. № 541.

Мастак В.А. Ляхор. Аўтар флага М.М. Елінская.