г.Глыбокае

Глыбоцкі раён

V14 GlubokoeG
V14 GlubokoeF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 года № 36 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 лютага 2006 года № Б-56 і № Б-57.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта дзве перакрыжаваныя срэбныя шаблі з залатымі рукаяццямі, накіраванымі ўніз, і тры залатыя манеты. Зверху срэбная галава з чатырма зубцамі.

Флаг: Белае палотнішча прамавугольнай формы з суадносінамі бакоў 1:2, якое перасечана па цэнтры поясам блакітнага колеру з трыма зубцамі зверху, які складае 1/3 шырыні палотнішча. Унізе знаходзіцца паласа жоўтага колеру, якая складае 1/3 шырыні палотнішча.

Новая гарадская сімволіка – гэта творчы саюз спецыялістаў па геральдыцы, у першую чаргу, гісторыкаў, архівістаў, мастакоў, краязнаўцаў, шырокага кола грамадскасці на месцах. Правільнае рашэнне пры стварэнні герба можна шукаць гадамі. Калі стваралі, да прыкладу, герб г. Глыбокае за аснову спачатку быў узяты факт знаходкі археолагамі глінянага гаршчка з зярнятамі злакаў. Існуе легенда, што гэтыя зярняты ўжо ў нашы дні далі ўсходы, таму ў адным з праектаў гарадскога герба можна было ўбачыць перасечаны «у пояс» шчыт блакітнага колеру, у ніжняй частцы якога была выява пасудзіны з прарослымі каласамі. Аднак, доследы навукоўцаў з Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН не прывялі да поспеху – зерне не прарасло, а герб пры гэтым выглядаў занадта «нацюрмортна». Пошукі давялося працягнуць і адштурхоўвацца ўжо ад рэальных падзей з гісторыі горада.

Глыбокае закранулі ўсе войны XVI–XX стст., у XVII ст. яго жыхары мелі сваю вайсковую арганізацыю – мяшчане былі ўзброены халоднай і агнястрэльнай зброяй. У мірны ж час здзяйсняліся шматлікія гандлёвыя і ліхвярскія здзелкі. Таму ў канчатковым варыянце на гербе Глыбокага з’явілася гарадская сцяна (ва ўмоўнай форме), якая неаднаразова бараніла гараджан ад шматлікіх ворагаў. Той факт, што ў Глыбокім мелася свая ўзброеная гарадская варта з мяшчан перададзены пры дапамозе перакрыжаваных шабель. Пра ажыўлены гандаль і дзейнасць ліхвяроў кажуць тры залатыя кругі – залатыя манеты або, як прынята называць іх у геральдыцы, безанты.

Флаг горада Глыбокага паўтарае абрысы і колеру гарадскога герба.

Герб і флаг адобраны Глыбоцкім раённым выканаўчым камітэтам 16 красавiка 2003 г. № 01/04 / 342.

Аўтар герба М.М. Елінская, мастак А.У. Леўчык.