г.Віцебск

V12 ViciebskG
V12 VitsebskF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 лютага 2004 года № 60 (у рэдакцыі Указа ад 2 чэрвеня 2009 № 277) і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 3 сакавiка 2004 г. № Б-1 і № Б-2.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта вобраз Збавіцеля, павернуты направа, вакол яго галавы зверху справа – літары «IΣ» з цітлай і злева – літары «XΣ»  з цітламі, ніжэй справа і злева – дзве літары «С» з цітламі. У ніжняй частцы шчыта – выява накіраваны вастрыём налева срэбнага мяча з залатой рукаяццю. Шчыт размешчаны ў чырвоным картушы барочнай формы, які дапоўнены чырвонымі кветкамі і зялёнымі стужкамі. Пад ім знаходзяцца дзве лаўровыя галіны зялёнага колеру, абвітыя чырвонай стужкай. Герб вянчае херувім з распацёртымі крыламі. У якасці шчытатрымальнікаў размешчаны два анёлы са стужкамі блакітнага колеру ў руках.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2. У цэнтры правага боку палотнішча – выява герба горада Віцебска.

У фондзе Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі «Канцылярыя Віцебскага, Магілёўскага і Смаленскага генерал-губернатара» маецца справа з каляровай выявай герба горада Віцебска, датаванай 1597 г. Прадстаўленая ізаграфія больш адпавядае малюнку, выкананаму ў 40-х гадах XIX ст. Сюжэт герба і элементы, якія яго складаюць, ідэнтычныя.

Вобраз Ісуса Хрыста дзякуючы больш высокаму мастацкаму выкананню ў параўнанні з папярэднім адпавядае канонам, прынятым у хрысціянскім іканапісе і выяўленчым мастацтве. Вакол ліка Збавіцеля размешчаны літарныя сімвалы: зверху справа «IΣ» з цітлай і злева – «XΣ» з цітлай, якія азначаюць «Ісус Хрыстос», ніжэй – дзве літары «С» з цітлай, якія нідзе ў літаратуры не расшыфроўваюцца. Існуюць дзве гіпотэзы, адна з якіх тлумачыць гэтыя літары як «Спас Спаситель». Іншая версія тлумачыць гэтыя скарачэнні як «Спаси и Сохрани».

У гістарычным апісанні пазначана, што меч пад абліччам Збавіцеля ўяўляе сабой аголены металічны клінок з залатой рукаяццю, па якому сцякаюць кроплі крыві. У новай прадстаўленай ізаграфіі герба колер мяча – срэбны. Акрываўленая зброя на сучасным этапе губляе сваю актуальнасць з прычыны ўстойлівага геапалітычнага становішча Беларусі на Еўрапейскай арэне. Улічваючы новы статус нашай дзяржавы ў параўнанні з часамі, калі герб быў упершыню атрыманы Віцебскам, і асноўныя тэндэнцыі развіцця тэрытарыяльнай геральдыкі сучаснай Беларусі, змяненне колеру мяча цалкам апраўдана.

Герб Віцебска спалучае ў сабе рэлігійную (Спас Нерукатворны) і абарончую (меч) сімволіку. У ім закладзены святасць і ідэя любові да роднага горада, яго жыхароў, якія заўсёды адрозніваліся пачуццём высокага патрыятызму і рыцарскай самасвядомасці. Больш чым 400-гадовы «ўзрост» герба не можа не з’яўляцца прадметам асаблівага гонару гараджан.

Герб і флаг Віцебска былі прыняты двойчы рашэннямі гарадскога Савета дэпутатаў ад 12 чэрвеня 2002 г. № 106 і ад 29 студзеня 2009 г. № 106.