г.Браслаў

Браслаўскі раён

V07 BraslavG
V07 BraslavF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 года № 36 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 4 чэрвеня 2009 г. № Б-56 і Б-57.

Герб: У блакітным полі барочнага шчыта залатое сонца, на якім блакітны трохвугольнік з выявай вока – вока Божага благаслаўлення.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча белага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, пасярэдзіне знаходзіцца блакітная паласа шырынёй, роўнай 1/3 шырыні палотнішча, у цэнтры якой – выява герба горада Браслава.

Герб быў нададзены Браславу 2 чэрвеня 1792 г. Станіславам Аўгустам Панятоўскім.  У хрысціянскай іканаграфіі вочы ў цэнтры соненчных прамянёў, або ў трохвугольніку з накіраванай уверх вяршыняй, з’яўляецца агульнапрынятым сімвалам божай усюдыіснай сілы або Тройцы. Ён сімвалізуе назіранне Бога за жыццём і дзеяннямі людзей, трохвугольнік жа сімвалізуе трыадзінства Бога – Айца, Сына і Святога духа. Сонца з самых старажытных часоў з’яўляецца сімвалам жыцця і агню з яго ачышчальнай сілай. «Вока Провіду» на гербе Браслава ў сімвалічнай форме перадае Божую апеку над горадам, захоўвае яго ад усіх бед. Выява чалавечага вока шырока выкарыстоўваецца пры аздабленні алтароў у храмах і прадметаў культавага прызначэння.

Яшчэ больш глыбінны сэнс закладваюць у гэту геаметрычную фігуру масоны, якія называюць яе (калі вяршыня накіраваная ўверх) трохвугольнікам эвалюцыі. Члены гэтай арганізацыі звязваюць яго са свабодай, роўнасцю і братэрствам –  лозунгам надзвычай папулярным у грамадска-палітычных рухах ў XIX ст. і накіраваным на грамадска-дзяржаўнае перабудову.

Пры распрацоўцы каляровага эталона герба горада Браслава раённая камісія кіравалася гістарычнымі рэканструкцыямі герба, рэпрадукцыяй з прывілею з выявай герба і «Граматай на аднаўленне правоў і вольнасцяў г. Браслава» ад 2 чэрвеня 1792 г., якая, на жаль, не ўтрымлівае характарыстыкі каляровай гамы герба.

Флаг сканструяваны з прымяненнем асноўных колераў герба і яго выявы.

Жыхары горада шануюць свой герб. У краязнаўчым музеі г. Браслава сабраны шматлікія дакументы з выявай гарадскога сімвала. Больш чым за два стагоддзі свайго існавання ізаграфія герба заставалася практычна нязменнай.

Рашэнне аб гербе і флагу г. Браслава і Браслаўскага раёна прынята раённым Саветам дэпутатаў ад 10 кастрычніка 2002 г. № 100.

Мастак узноўленага герба і флага А.У. Леўчык.