г. Барань

Аршанскі раён

V03 BaranG
V03 BaranF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 36 ад 20 студзеня 2006 г. і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 лютага 2006 года № Б-54 і Б-55.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта залаты вілападобны крыж, у цэнтры якога размешчаны паляўнічы ражок натуральнага колеру, зверху – срэбны кавалерскі крыж.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, у ніжняй частцы якога размешчаны дзве паласы: блакітная, над ёй жоўтая, якія складаюць адпаведна 1/4 і 1/8 шырыні палотнішча, у цэнтры верхняй часткі знаходзіцца выява герба горада Барані.

Горад Барань стаіць на рацэ Адроў ў Аршанскім раёне. У 1518 г. сяло Барань (пазней Старая Барань) належала князю К.І. Астрожскаму, з 1541 г.  – уласнасць яго сына І.К. Астрожскага. У дакументах 1591 г. фальварак Барань згадваецца ў складзе Капыскага маёнтка. У 1598 г. уладальнік Копысі гетман Вялікага Княства Літоўскага князь Крыштаф Радзівіл заснаваў у Аршанскім павеце мястэчка Барань, куды перавёў падданых са Старой Барані. У прывілеі гетмана ад 30 кастрычніка 1598 г. паведамляецца, што ён «…заложил на гостинце от Борисова до Орши место на Барани…». У гэтым мястэчку войту (службовая пасада ў Вялікім Княстве Літоўскім, узначальваў мясцовае гарадское або сельская кіраванне або самакіраванне) дазвалялася вызначаць гандлёвы дзень, у які прыязджалі гандляры з навакольных сялібаў.

Герб Барані ўяўляе сабой спалучэнне двух крыжоў – паніжанага вілападобнага залатога колеру і срэбнага кавалерскага, а таксама выяву негеральдычнай фігуры, якой з’яўляецца паляўнічы рог натуральнага колеру. Усе эмалі, металы і фігуры маюць строгае абгрунтаванне і тлумачэнне. Для поля шчыта была абрана эмаль блакітнага колеру, якая найбольш часта сустракаецца на гербах Віцебскай вобласці. Паніжаны вілападобны залаты крыж увасабляе геаграфічнае становішча горада – скрыжаванне шляхоў, на якім ён паўстаў, а таксама сімвалічную выяву зліцця рэк Адроў і Барань. Кавалерский крыж, у верхняй, найбольш ганаровай, частцы поля з’яўляецца сімвалам веры, незалежнасці, доблесці і адвагі, якую неаднаразова праяўлялі гараджане. Разам з тым ён падобны на крыж гістарычнага герба. Орша – цэнтра раёна, у склад якога ўваходзіць і Барань. Нарэшце, паляўнічы рог – гэта даніна павагі жыхароў горада да сваёй гісторыі і, у прыватнасці, да яго былых уладальнікаў – князёў Радзівілаў, чыім радавым знакам быў герб «Трубы».

Праекты герба і флага паўторна зацверджаны рашэннем Бараньскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 чэрвеня 2002 г. № 53