в. Моладава

Іванаўскі раён

B34 MolodovoG
B34 MolodovoF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2011 г. № 101 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 15 сакавіка 2011 г. № Б-200 і № Б-201.

Герб: У чорным полі іспанскага шчыта размешчаны залаты звон з чатырохчасткавым гербам, які мае малы шчыток у цэнтры. У правым верхнім полі герба – контурная выява трох паляўнічых ражкоў, левым ніжнім – тры бэлькі, якія звужаюцца дадолу, у ніжнім правым – пяціканцовая зорка, у ніжнім левым – падвойная лілея з пярсцёнкам пасярэдзіне, на цэнтральным шчытку – тры жалуды з двума дубовымі лістамі.

Флаг:  Прамавугольнае палотнішча жоўтага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у верхняй дрэўкавай частцы якога – выява герба вёскі Моладава Іванаўскага раёна.

Першая згадка пра Моладава ўтрымліваецца ў пацвярджальным прывілеі Жыгімонта I ад 2 красавіка 1524 г. баярыну Мацвею Грычыне на валоданне людзьмі ў Моладава і іншых населеных пунктах Пінскага павета.

Стваральнікі герба выкарыстоўвалі прыватнаўласніцкую сімволіку радоў, якія мелі дачыненне да гісторыі Моладава. Аснову герба складае выява асабістага герба шляхціца Вялікага Княства Літоўскага Сямёна Войны Грычынавіча, адлюстраваная на зване, які ён замовіў у 1583 г. у Коўна для Моладаўскай царквы. Асабістыя гербы будаваліся па пэўнай схеме: гербавы шчыт падзяляўся на некалькі палёў. На чатырохчасткавым шчыце ў правым верхнім полі змяшчаўся радавы герб ўладальніка (у дадзеным выпадку – герб «Трубы»), у левым верхнім – герб роду, з якога паходзіла яго маці (герб «Корчак»), у ніжніх палях – гербы родаў, з якіх паходзілі бабкі па бацькоўскай і матчынай лініі (адпаведна «Пяцірог» і «Газдава»). Зразумела, што асабістыя гербы мяняліся разам з пакаленнямі уладальнікаў. Пастаянным элементам заставаўся толькі радавы герб «Трубы».

Асабісты герб на зване царквы Узнясення Гасподняга дапоўнены малым шчытком з выявай, якая выканана па матывах герба «Дуб», які належаў апошнім уласнікам Моладава – Скірмунтам. Вывучэнне гісторыі вёскі Моладава па дакументах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі пацвярджае імёны ўладальнікаў і іх радавыя гербы.

Варта дадаць, што на працягу некалькіх гадоў выкарыстоўваўся праект герба в. Моладава, які хоць і быў падобны на ўжо ўтвораны, але меў некаторыя заганы ў выглядзе геральдычных недакладнасцяў. У прыватнасці, пры яго праектаванні была дапушчана вольнасць ў выкарыстанні каляровай гамы. Герб «Трубы, якім карысталіся з Грычыновічы-Войны, меў тры чорных паляўнічых ражка з залатымі папружкамі ў срэбным полі. Тры срэбныя трубкі ў блакітным полі папярэдняга герба азначаюць зусім іншы герб, які не меў дачынення да гісторыі Моладава. Замест вылітага на зване герба «Газдава», у праекце з’явіліся два срэбныя лукі і г.д.

Герб і флаг адобраны рашэннем Молодовская сельскага Савета дэпутатаў ад 30 снежня 2009 г. № 59.

Аўтар герба и флага М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.