в. Малеч

Бярозаўскі раён

B31 MalechG

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 24 верасня 1998 г. № 24.

Герб: У срэбным полі барочнага шчыта паясная выява Святога Апостала Пятра ў чырвона-блакітным адзенні з залатым і срэбным ключамі, за якім справа зялёная пальма, злева певень чорнага колеру.

Сучасны Малеч мае статус вёскі, цэнтра сельсавета Бярозаўскага раёна. У XVII стагоддзі гэты населены пункт быў мястэчкам у Берасцейскага павета Вялікага Княства Літоўскага.

Прывілей на магдэбургскае права Малечу першапачаткова быў нададзены каралём Уладзіславам IV ў 1645 г. i пацверджаны ў 1650 г. прывілеям караля Яна Казіміра. Наданне правоў на самакіраванне было выклікана інфармацыяй пра тое, што мяшчане Малеча «перажываюць розныя нягоды ад розных судоў, ад чаго прыходзяць у заняпад даходы караля і Рэчы Паспалітай”. Надзяліўшы мястэчка магдэбургскім правам, кароль вызваліў яго жыхароў ад усякай іншай юрысдыкцыі. Згодна з каралеўскай граматай ім дазвалялася варыць піва, гарэлку, мёд, а таксама трымаць шынкі, па прыкладу найблізкага горада Пружаны. У прывілеі падкрэслівалася, што дакументы па ўсіх гарадскіх, судовых і іншых справах, якія будуць разглядацца ў Малечы, згодна з прывілеем на магдэбургскае права, павінны быць апячатаны зялёным воскам з выявай Святога Пятра з ключамі на пячатцы.

Апостал Пётр, які да сустрэчы з Хрыстом насіў імя Сымон, быў старэйшым братам апостала Андрэя Першазваннага. Пётр быў жанаты і меў дзяцей. Па выказванню Іаана Златавуста, гэта быў чалавек палымяны, някніжны, просты, бедны і  богабаязны. Калі Андрэй прывёў яго да Хрыста, пры першым позірку на звычайнага рыбака Збавіцель даў яму імя Кіфа, па-грэчаскі – Пётр, то бок камень. Калі Хрыстос абраў Пятра ў лік апосталаў, ён наведаў яго сціплае жытло і вылечыў цёшчу ад гарачкі. Пётр быў сярод трох вучняў Хрыста, якія сталі сведкамі яго Боскай славы на Фаворы. Ісус уручыў апосталу Пятру два ключы: адзін ад Нябеснага Царства – брамы раю, другі  ад пекла. Апостал Пётр быў выдатным прапаведнікам.

Выява пеўня ззаду фігуры святога Пятра не выпадковая. Гэтая птушка з’яўляецца атрыбутам апостала і добра вядомая ў хрысціянскім мастацтве. Калі Ісус на Апошняй Вячэры прадказаў, што Пётр адрачэцца ад Яго тройчы, перш чым заспявае певень, апостал нават не паверыў гэтаму. Тым не менш, усё адбылося па словах Хрыста.

Апостал Пётр шануецца ў праваслаўнай і каталіцкай цэрквах. Святкуецца дзень святых Пятра і Паўла як двух найбольш шаноўных апосталаў, званых першавярхоўнымі за асабліва дбайнае служэнне Госпаду і распаўсюджванне веры Хрыстовай. У праваслаўных свята адзначаецца 12 ліпеня (29 чэрвеня па старым стылі), у каталікоў – 29 чэрвеня. У большасці хрысціянскіх цэркваў, паводле царкоўнага падання, лічыцца, што апостал Пётр быў заснавальнікам Рымскай царквы. Каталіцкая царква пачытае яго як першага Папу.

Такім чынам, можна з пэўнай доляй упэўненасці гаварыць пра матывацыю абрання канкрэтнага гербавага сюжэту для герба Малеча. Асоба Святога Апостала Пятра была звязана з канкрэтным штогадовымі падзеямі ў жыцці гараджан.

Герб зацверджаны рашэннем Малецкіх сельскага выканаўчага камітэта ад 15 верасня 1998 г. № 89.