в. Гарадзец

Кобрынскі раён

B13 GorodetsG
B13 GorodetsF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 659 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 23 студзеня 2009 г. № Бы-139 і № Б-140.

Герб: Барочны шчыт, у срэбным полі якога на залатым падножжы немаўля Ісус Хрыстос у срэбным адзенні, які стаіць на каленях Прачыстай Дзевы Марыі, апранутай ў адзенне чырвонага колеру на зялёны хітон і Святая Ганна ў блакітным адзенні са срэбным пакрывалам на галаве, якая трымае немаўля за руку; над іх галовамі – залатыя німбы.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у левай частцы правага боку якога размешчана выява герба вёскі Гарадзец Кобрынскага раёна.

Першыя згадкі пра в. Гарадзец, як і г. Кобрына, адносяцца да 1287 года, калі уладзіміра-валынскі князь Уладзімір Васількавіч завяшчаў г. Кобрын сваёй жонцы Вользе Раманаўне. Пазней Гарадзец увайшоў у склад Кобрынскага княства, быў вотчынным уладаннем князёў Кобрынскіх, з пачатку XVI ст. – у ліку «каралеўскіх сталовых маёнткаў». У 1563 г. Гарадзец – горад і двор Кобрынскай эканоміі, з 1577 г. знаходзіўся ў складзе Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

10 снежня 1589 г. кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III Ваза надаў адначасова магдэбургскае права Кобрыну і Гарадцу. Паколькі Гарадзец ва ўсіх справах падпарадкоўваўся Кобрынскаму магістрату, ён атрымаў і аналагічны кобрынскаму герб. Аднак гэта сцвярджэнне неабходна было праверыць, бо ў дакументах беларускіх архіваў не было выяўлена указанняў на тое, што Гарадзец калі-небудзь карыстаўся гербам Кобрына.

На гербе Гарадца, нададзеным яму ў гонар польскай каралевы Ганны Ягелонкі, былі змешчаны выявы Багародзіцы, немаўля Ісуса і Святой Ганны. Гэты рэлігійны сюжэт, які атрымаў у каталіцкай іканаграфіі назву «Святая Ганна ўтрох» шырока распаўсюджаны ў заходнееўрапейскім жывапісу эпохі Адраджэння».

Пазней гэты герб быў неаднаразова пацверджаны наступнымі каралямі. Выявы на пячатках з гербам Гарадца былі не аднолькавыя: персанажы адрозніваліся па памерах і размяшчэнню. Так, на пячатцы 1589 г. фігура Святой Ганны была самай вялікай, а астатнія персанажы сядзяць ў яе на каленях. Пры аднаўленні гістарычнага герба ўзяты за аснову прывілей 1662 г., які захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, у якім усе фігуры – сідзячыя. Аўтары рэканструкцыі, якая запатрабавала карпатлівай даследчай працы пачынаючы з 1999 году, прыйшлі да высновы, што справа – выява Багародзіцы, злева – Святой Ганны. Іх выснова пацвярджаўся паставай Ісуса Хрыста, які нібы пачынае рух ад сваёй маці ў бок Святой Ганны.

У такой ізаграфіі герб і флаг былі адобраны рашэннем Гарадзецкага сельскага выканаўчага камітэта ад 27 ліпеня 2006 г. № 116.

Аўтары рэканструкцыі герба І.А. Шпунт і Ю.Г. Лявіцкі.