в. Бастынь

Лунінецкі раён

B06 BostynG

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 659 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 23 студзеня 2009 г. № Б-145.

Герб: Варажскі шчыт, рассечаны “ў слуп”, у правым чорным полі якога зверху лілеяпадобная срэбная кветка, левае поле – срэбнае. У цэнтры шчыта – выява пеўня чырвонага колеру.

Сяло Бастынь вядома з 1458 г., калі яно было падаравана Радзівілу Осцікавічу. У XVI ст. ім валодалі Радзівілы – Ян Мікалай, Мікалай Юр’евіч, Ганна Радзівілаўна, у пачатку XVII ст. Кішкі – Станіслаў Станіслававіч, Мікалай Станіслававіч. У XVIII ст. сяло арандаваў памешчык Шчыт, які выдаткаваў значныя сродкі на будаўніцтва царквы ў імя Святой Вялікапакутніцы Параскевы. Яна прастаяла да 60-х гадоў ХХ ст., калі была па-варварску разбурана. У канцы XVIII–XIX стст. Бастынь – вялікае сяло, якое налічвала больш за 800 жыхароў і каля 90 двароў (1886 г.).

Назва вёскі паходзіць ад слова «бастрынь», якое таманімічна азначае самавольнае ўзворванне зямлі. Вёска здаўна была вядома ў акрузе незалежным і свавольным характарам сваіх жыхароў, якія вельмі рашуча адстойвалі свае перакананні і ўласнасць. Гэтыя асаблівасці характару адлюстраваў у сваёй дакументальнай аповесці «Пустэльнік» беларускі пісьменнік Я.С. Пархута (1930–1996).

У наваколлі Бастыні знаходзяцца дзве водныя жамчужыны раёна – вазёры Белае і Чорнае. Яны знайшлі сваё ўвасабленне ў двух кантрасных па колеры палях герба, падзеленых вертыкальна. З правага боку чорнага колеру, у верхнім ганаровым куце герба, змешчана выява срэбнай Лабеліі Дортмана – ідэнтыфікацыйнага знака Лунінеччына. Аднак для поўнай візуальнай гармоніі быў неабходны дамінуючы сімвал, які б дазволіў вылучыць гэты герб сярод іншых. Стваральнікам герба (пасля размовы з мясцовымі жыхарамі, якія падрабязна распавялі пра асаблівасці ўзаемаадносін паміж вяскоўцамі з берагоў суседніх азёр) найбольш адэкватным для гэтага падаўся баявы певень, паколькі акрамя прыяцельскіх кантактаў, людзі перажывалі тут і канфлікты, і нават па нязначнай прычыне мужыкі сустракаліся «сценка на сценку» і адчайна «біліся ў кроў». Ваяўнічы нораў жыхароў гэтага азёрнага краю ўвасоблены ў выяве чырвонага пеўня, які з часоў сярэднявечча вядомы ў якасці сімвала вайсковай адвагі.        

Аўтар герба – М.М. Елінская, мастак – В.А. Ляхор.