в. Вялікія Чучавічы

Лунінецкі раён

B05 BolshieChuchevichiG

Герб зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 659 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры  Рэспублікі Беларусь 23 студзеня 2009 г. № Б-144.

Герб: Варажскі шчыт перасечаны патройным дугападобным дзяленнем, у верхнім блакітным полі якога – срэбная лілеяпадобная кветка, у ніжнім срэбным – рыба ўюн чорнага колеру.

Згодна з пісьмовымі крыніцамі, ў 1577 г. Чучавічы былі сялом Навагрудскага павета, якім валодаў віленскі ваявода Мікалай Юр’евіч Радзівіл. У 1626 г. Чучавічы – сяло Лахвенскага маёнтка з прыкладна 115 сялянскімі дварамі. Некаторы час яно было прыпісана да Нясвіжскага маёнтка. Пасля Радзівілаў Чучавічы перайшлі ў валоданне да князя Пятра Вітгенштэйна, аднаго з найбуйнейшых землеўладальнікаў на тэрыторыі Беларусі. На яго сродкі ў 1851 г. у Чучавічах была ўзведзена драўляная Пакроўская царква з пяццю купаламі і званіцай. Іканастас ўпрыгожвалі 13 абразоў на палотнах. Гэта царква дзейнічае дагэтуль і з’яўляецца помнікам архітэктуры XIX ст. У 1880 г. Вялікія і Малыя Чучавічы адносідіся да Мазырскага павета. У 1905–1908 гг. тут пачалося будаўніцтва чучавіцкай веткі Палескай чыгункі.

Асаблівасці мясцовасці (лясы, урочышчы і балоты) дазволілі вядомаму беларускаму фалькларысту і этнографу А.К. Сержпутоўскаму (1864–1940) адзначыць «першабытнасць жыхароў і прыроды». Ён пакінуў свае натакі пра гэты край, зафіксаваў паданні мясцовых жыхароў, зрабіў шмат фотаздымкаў славутасцяў і людзей.

У ваколіцах вёскі знаходзіцца вялікае возера Грычын, да якога ў часы ўваходжання краю ў склад Польшчы арганізоўваліся экскурсіі нават з Варшавы. Архіўныя дадзеныя XIX ст. сведчаць, што жыхары Вялікіх Чучавічаў лавілі ўюноў, якія ў смажаным, вэнджаным і сушаным выглядзе карысталіся вялікім попытам на кірмашах у Слуцку, Навагрудку, Вільні і Мінску. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная падпарадкаванасць Вялікіх Чучавічаў Лунінецкаму раёну перададзена ў гербе выявай срэбнай кветкі Лабеліі Дортмана у блакітным полі.

Выява ўюна ў ніжняй частцы герба сімвалізуе багацце прыроды і яе ўнікальнасць, а срэбны колер перадае «вокны» балотаў, якія захаваліся ў ваколіцах вёскі.

Аўтар герба – М.М. Елінская, мастак – В.А. Ляхор.