г. Бяроза

Бярозаўскі раён

B03 BerezaG
B03 BerezaF

Герб і флаг зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 659 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 23 студзеня 2019 г. № Б-133 і № Б-134.

Герб: У блакітным полі варажскага шчыта срэбная брама. У ніжняй частцы поля срэбнае падножжа, якое суправаджаецца двума хвалістымі паясамі: верхнім – срэбным, ніжнім – блакітным.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, якое мае ніжнюю паласу белага колеру, якая аддзелена ад верхняй часткі двума хвалістымі паясамі: верхнім – белым, ніжнім – блакітным. У цэнтры правага боку палотнішча – брама белага колеру.

Бяроза вядома па пісьмовых крыніцах з 1477 г. як вёска Слонімскага, з 1621 г. Кобрынскага паветаў.  З 1626 г. мела статус мястэчка. Належала Гамшэям, Вештартовічам, Гастоўскім, Рудзінскім, а з канца XVI ст. перайшла ва ўласнасць Сапегаў. На працягу 1648–1689 гг. тут вялося будаўніцтва Бярозаўскага картэзіянскага кляштара. Яго заснавальнікам стаў падканцлер Вялікага Княства Літоўскага Казімір Леў Сапега, які запрасіў сюды манахаў-картэзіянцаў. Галоўным яго будынкам быў мураваны касцёл, пабудаваны па праекце архітэктара з Польшчы ў стылі позняга барока. Храм быў упрыгожаны разьбой па дрэве, паліхромнымі скульптурамі, палотнамі італьянскіх майстроў. Акрамя касцёла ў кляштарны комплекс уваходзілі жылыя карпусы з адзіночнымі келлямі, гаспадарчыя пабудовы, майстэрні, сады і агароды. Кляштар таксама атрымліваў ахвяраванні багатых людзей, якія хацелі, каб іх пахавалі ў склепе.  У 1656 г. тут быў пахаваны заснавальнік кляштара К. Сапега, а пазней і іншыя прадстаўнікі гэтага роду.

У 1706 г. у Бярозе адбылася гістарычная сустрэча Пятра I c каралём Аўгустам II. Ішла Паўночная вайна (1700–1721) і, захапіўшы горад, шведскія войскі разбурылі не толькі яго, але і кляштар.

Заняпад кляштара пачаўся пасля паўстання 1830–1831 г., калі яго прыслуга далучылася да аднаго з атрадаў Ц. Пуслоўскага. Гэта дало падставу расійскім уладам зачыніць кляштар і касцёл, будаўнічы камень і абліцавальны мармур якіх пайшлі на ваенныя аб’екты.

У цяперашні час распачата праца па рэстаўрацыі ўяздной брамы кляштара. Гэты аб’ект мае другую катэгорыю каштоўнасці помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, якія маюць рэспубліканскае значэнне.

На гербе – выява брамы, якая некалі ўпрыгожвала ўваход у кляштар. Афіцыйны геральдычны сімвал г. Бярозы можна аднесці да так званых «архітэктурных» гербаў, паколькі галоўная фігура – брама, мае рэальныя абрысы і лёгка пазнаецца. Прыродна-ландшафтныя асаблівасці размяшчэння горада былі перададзены геральдычным прыёмам: срэбным падножжам і двума хвалістымі паніжанымі паясамі – срэбным і блакітным. Яны сімвалізуюць раку Ясельду, на якой некалі стаяў кляштар, што вызначаў увесь уклад жыцця бліжэйшай акругі.

Герб і флаг г. Бярозы і палажэнні аб іх былі адобраны рашэннем Бярозаўскага раённага выканаўчага камітэта ад 25 чэрвеня 2002 г. № 473.