г. Лунінец

Лунінецкі раён

B28 LuninetsG
B28 LuninetsF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 28 верасня 1998 г. № 25.

Герб: У блакітным полі варажскага шчыта размешчаны “ў слуп” княжацкая карона, дзве перакрыжаваныя срэбныя стралы і лілеяпадобная кветка таго ж металу.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з трох роўнавялікіх вертыкальных палос: дзвюх блакітнага колеру, размешчаных па краях, і цэнтральнай паласы белага колеру, на якой герб горада Лунінца.

Лунінец вядомы з 1449 г. як сяло Малы Лулін.

Ініцыятарам стварэння тэрытарыяльнай геральдыкі Лунінеччына была рэдактар ​​раённай газеты Т.В. Канапацкая. Дзякуючы яе энтузіязму адначасова з’явілася цэлая серыя гербаў, заснаваных Указам Кіраўніка дзяржавы. Гэта адзіны выпадак у Беларусі, калі новыя гербы былі распрацаваны геральдыстамі адразу для больш чым дзясяці цэнтраў сельскіх саветаў аднаго раёна.

На сучасным гербе, створаным для горада Лунінца, лаканічна выкарыстаны адна эмаль (блакітная) і адзін метал (срэбра). Тым не менш, пры дапамозе геральдычных знакаў у герб была закладзена аб’ёмная і найбольш важная інфармацыя аб мінулым і сучаснасці рэгіёну, яго прыродных асаблівасцях.

Верхнюю, найбольш ганаровую частку герба займае срэбная  карона, якая сімвалізуе прыналежнасць Луліна ў мінулым вялікаму князю і яго бліжэйшаму атачэнню. У першай трэці XV ст. разгарэлася міжусобная барацьба паміж Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам. У выніку барацьбы за вярхоўную ўладу перамогу атрымаў Жыгімонт (1432–1440 гг.), які канфіскаваў на сваю карысць тэрыторыі, частка з якіх мае непасрэднае дачыненне да цяперашняга Лунінецкага раёна. З імем вялікага князя Жыгімонта звязана першае ўзгадванне населеных пунктаў раёна.

Цэнтральнай фігурай герба выбраны дзве стралы, пакладзеныя крыжам. Срэбная страла – элемент гістарычнага герба Брэста, атрыманы ім яшчэ XVI ст. На гербе Лунінца стрэлы нясуць падвойную сэнсавую нагрузку: перадаюць адміністрацыйна-тэрытарыяльную прыналежнасць і сімвалізуюць досыць буйны чыгуначны вузел. У 1884–1886 г. праз Лунінец была пракладзена Палеская чыгунка, што спрыяла хуткаму эканамічнаму развіццю горада і інтэнсіўнаму росту яго насельніцтва.

У ніжняй частцы герба змешчаны срэбная кветка, якая ўвасабляе непаўторную своеасаблівасць прыроды гэтага краю. Лабелія Дортмана – вельмі рэдкі атлантыка-еўрапейскі рэліктавы від расліны, якая на тэрыторыі Беларусі расце толькі на возеры Свіцязь у Наваградскім і возеры Белае ў Лунінецкім раёнах. Расліна занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі. Сваю назву яна атрымала ў гонар фламандскага батаніка і лекара М. Лобеля.

Герб і палажэнне аб iм было зацверджана рашэннем Лунінецкага раённага савета дэпутатаў ад 25 верасня 1998 г. № 131, флага – 15 чэрвеня 2001 г. № 90.

Аўтары герба Т.В. Канапацкая і А.А. Шпунт.