г. Драгічын

Драгічынскі раён

B16 DrogichinG
B16 DrogichinF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 9 чэрвеня 1998 г. № 15.

Флаг заснаваны Ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 659 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 23 студзеня 2009 г. № Б-155.

Герб: У блакітным полі варажскага шчыта два срэбных голуба, павернутыя галовамі адзін да аднаго. Пад імі срэбны нацягнуты лук са стралой наканечнікам дагары, апраўлены з двух бакоў двума парамі жалудоў таго ж металу.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з трох роўнавялікіх вертыкальных палос: дзвюх блакітнага колеру, размешчаных па краях, і цэнтральнай паласы белага колеру, на якой герб горада Драгічына.

Герб адлюстроўвае гістарычнае мінулае Драгічына, які ўзнік як паселішча Давячэравічы (упершыню згадваецца ў 1452 г.). З 1623 г. – мястэчка Вялікага Княства Літоўскага. У канцы XIX–XX стст. ў Драгічыне існавала царква ў гонар Стрэчання Гасподняга. Таму на гербе выкарыстана выява галубоў – рэлігійны сімвал Стрэчання.

У ніжняй частцы герба – срэбны нацягнуты лук са стралой, які паказвае на прыналежнасць вёскі Давячэравічы да Пінскага княства ў XV ст., а цяпер да Брэсцкай вобласці, на гербах якіх ёсць такія фігуры. Лук змешчаны на гербах Брэсцкага раёна, Белаазёрска, стрэлы ад лука – на гербах Лунінца і Мікашэвічаў.

Срэбраныя жалуды адлюстроўваюць векавыя дубовыя гаі, на месцы якіх, па мясцовых легендах, паўсталі Давячэравічы. Галінкі дуба (характэрнага для гэтага рэгіёну дрэва) неаднаразова сустракаюцца на іншых гербах Брэстчыны (Маларыта, Столін). У гербе выкарыстаны срэбра і блакітная эмаль. Гэта асноўныя эмалі і металы, якія часцей за ўсё сустракаюцца на гарадскіх гербах Брэсцкай вобласці.

Сучасны герб Драгічына распрацаваны пры непасрэдным удзеле галоўнага архітэктара раёна В.Г. Міхнюка. Зацверджаны рашэннямі Драгічынскага раённага выканаўчага камітэта ад 19 мая 1998 г. № 310 і Драгічынскага раённага савета дэпутатаў ад 4 чэрвеня 1998 г. № 374. На аснове герба быў распрацаваны флаг горада, які заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.