г. Высокае

Камянецкі раён

B11 VysokoeG

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 14 верасня 1998 г. № 21.

Герб: У блакітным полі барочнага шчыта на зялёным падножжы срэбная вежа пад чырвоным дахам з двума чорнымі вокнамі і трыма брамамі чырвонага колеру.

Горад Высокае размешчаны на беразе ракі Пульва на Камянеччыне. Упершыню ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў XIV ст. пад назвай «Высокі горад». У часы праўлення Яна I Альбрэхта (1492–1501) ў 1494 г. горад атрымаў магдэбургскае права і герб. Належаў Ёдкам, вялікаму князю літоўскаму, феадалам Хлявіцкім, Войнам. У 1647 перайшоў да прадстаўнікоў магутнага магнацкага роду Сапегаў. Віцебскі ваявода Павел Сапега пабудаваў у горадзе замак, на высокім беразе ракі узвёў земляныя ўмацаванні з бастыёнамі. Замак з усіх бакоў атачала вада, да яго вёў пад’ёмны мост, які падыходзіў да двух’яруснай вежы – брамы замка. Падыходы да іх фланкіравалі два магутныя бастыёны. За сценамі замка стаялі драўляны палац і гаспадарчыя будынкі. У час вайны сярэдзіны XVII ст. і ў Паўночную вайну замак моцна пацярпеў, але пазней быў адноўлены. Да нашага часу захаваліся, на жаль, толькі земляныя валы і вежа замка.

У беларускай геральдыцы выява вежы на гарадскім гербе з’ява даволі распаўсюджаная ў XVI–ХVII стст. Час дыктаваў суворую неабходнасць абароны гарадоў, якія часта ператвараліся ў непрыступныя крэпасці. Архітэктурныя будынкі абарончага прызначэння – мураваныя сцены, вежы з байніцамі, крапасныя брамы (адчыненыя і зачыненыя) – можна бачыць на гербах Каменца, Улы, Суража і іншых беларускіх гарадоў.

Герб зацверджаны рашэннем Высокаўскага гарадскога выканаўчага камітэта 19 жніўня 1998 г. № 90.

Аўтар рэканструкцыі А.К. Цітоў