Дзяржаўны ваенна-прамысловы
камітэт Рэспублікі Беларусь

06vpk_emb

Геральдычны знак: Эмблема ўяўляе сабой фігурны шчыт з аблямоўкай залацістага колеру, ніжняя частка якога стылізавана пад шасцярню, што сімвалізуе прамысловую скіраванасць на абарону дзяржавы. У верхняй частцы шчыта на аблямоўцы ў вуглах размешчаны чатыры заклёпкі залацістага колеру, паверх шчыта – гранёная пяціканцовая чырвоная зорка з аблямоўкай залацістага колеру, верхні прамень якой выступае над аблямоўкай шчыта. Зорка ўвасабляе дзяржаўны статус Камітэта. У полі шчыта васільковага колеру знаходзяцца размешчаныя па вертыкалі зверху ўніз выявы ўзораў узбраенняў, якія паказваюць на сферу дзейнасці Камітэта: тры ракеты, самалёт і танк залацістага колеру, скіраваныя направа. У ніжняй частцы поля шчыта –мерыдыяны і паралелі залацістага колеру. У ніжняй частцы шчыта паверх аблямоўкі залацістага колеру і поля шчыта размешчаны галіны дуба з жалудамі і перавяззю залацістага колеру, якія разыходзяцца ў бакі ад цэнтра. Яны сімвалізуюць сілу і моц. Паверх шасцярні і дубовых галін над мерыдыянамі і паралелямі размешчана стужка, якая ўзнаўляе колеры Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь: чырвоны і зялёны. На чырвоным полі стужкі змяшчаецца надпіс залацістага колеру «ДЗЯРЖКАМВАЕНПРАМ».

Зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29.10.2007 № 545.

Зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 20.11.2007. Нумар рэгістрацыі А-90.

06vpk_znama

Сцяг: Складаецца з падвойнага палотнішча, дрэўка, падтока, наверша і шнура з кутасамі. Палотнішча Сцяга прамавугольнае, даўжынёй 175 см, шырынёй 150 см. Вырабляецца з шаўковага сцягавага фаю (аксаміту) чырвонага колеру. З трох бакоў Сцяг абшываецца залацістымі махрамі. Аблямоўка боку, якім Сцяг мацуецца да дрэўка, белага колеру з вышытым нацыянальным арнаментам чырвонага колеру. На правым баку палотнішча Сцяга у цэнтры размешчаны Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь (далей – герб) дыяметрам 60 см. Над выявай герба паралельна верхняму боку палотнішча Сцяга размяшчаецца надпіс «ДЗЯРЖАЎНЫ ВАЕННА-ПРАМЫСЛОВЫ КАМIТЭТ». Пад выявай герба паралельна ніжняму краю палотнішча – надпіс «РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ». На адваротным баку палотнішча Сцяга у цэнтры размешчаны геральдычны знак – эмблема Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта дыяметрам 60 см. Усе надпісы выконваюцца залацістым метанітам на беларускай мове. Вышыня літар – 10 см. Дрэўка Сцяга драўлянае, круглага сячэння, дыяметрам 4 см і даўжынёй 250 см, афарбавана ў цёмна-карычневы колер, лакіраванае, на ніжнім канцы мае падток, на верхнім – залацістае наверша ў выглядзе плоскага праразнога кап’я, усярэдзіне якога размешчана пяціканцовая зорка. Шнур Сцяга кручаны, з трох пасмаў, вырабляецца з жоўтага шоўку і залацістага метаніту. Даўжыня шнура – 200 см. Канцы шнура завяршаюцца сцягавымі кутасамі залацістага колеру. Шнур з кутасамі мацуецца да ніжняй часткі наверша.

Зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15.10.2015 № 431.

Зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 08.02.2016. Нумар рэгістрацыі А-220.