г. Лунінец
Лунінецкі раён


Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 28 верасня 1998 г. № 25.
Герб: У блакітным полі варажскага шчыта размешчаны “ў слуп” княжацкая карона, дзве перакрыжаваныя срэбныя стралы і лілеяпадобная кветка таго ж металу.
Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з трох роўнавялікіх вертыкальных палос: дзвюх блакітнага колеру, размешчаных па краях, і цэнтральнай паласы белага колеру, на якой герб горада Лунінца.
Лунінец вядомы з 1449 г. як сяло Малы Лулін.
Ініцыятарам стварэння тэрытарыяльнай геральдыкі Лунінеччына была рэдактар раённай газеты Т.В. Канапацкая. Дзякуючы яе энтузіязму адначасова з’явілася цэлая серыя гербаў, заснаваных Указам Кіраўніка дзяржавы. Гэта адзіны выпадак у Беларусі, калі новыя гербы былі распрацаваны геральдыстамі адразу для больш чым дзясяці цэнтраў сельскіх саветаў аднаго раёна.
На сучасным гербе, створаным для горада Лунінца, лаканічна выкарыстаны адна эмаль (блакітная) і адзін метал (срэбра). Тым не менш, пры дапамозе геральдычных знакаў у герб была закладзена аб’ёмная і найбольш важная інфармацыя аб мінулым і сучаснасці рэгіёну, яго прыродных асаблівасцях.
Верхнюю, найбольш ганаровую частку герба займае срэбная карона, якая сімвалізуе прыналежнасць Луліна ў мінулым вялікаму князю і яго бліжэйшаму атачэнню. У першай трэці XV ст. разгарэлася міжусобная барацьба паміж Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам. У выніку барацьбы за вярхоўную ўладу перамогу атрымаў Жыгімонт (1432–1440 гг.), які канфіскаваў на сваю карысць тэрыторыі, частка з якіх мае непасрэднае дачыненне да цяперашняга Лунінецкага раёна. З імем вялікага князя Жыгімонта звязана першае ўзгадванне населеных пунктаў раёна.
Цэнтральнай фігурай герба выбраны дзве стралы, пакладзеныя крыжам. Срэбная страла – элемент гістарычнага герба Брэста, атрыманы ім яшчэ XVI ст. На гербе Лунінца стрэлы нясуць падвойную сэнсавую нагрузку: перадаюць адміністрацыйна-тэрытарыяльную прыналежнасць і сімвалізуюць досыць буйны чыгуначны вузел. У 1884–1886 г. праз Лунінец была пракладзена Палеская чыгунка, што спрыяла хуткаму эканамічнаму развіццю горада і інтэнсіўнаму росту яго насельніцтва.
У ніжняй частцы герба змешчаны срэбная кветка, якая ўвасабляе непаўторную своеасаблівасць прыроды гэтага краю. Лабелія Дортмана – вельмі рэдкі атлантыка-еўрапейскі рэліктавы від расліны, якая на тэрыторыі Беларусі расце толькі на возеры Свіцязь у Наваградскім і возеры Белае ў Лунінецкім раёнах. Расліна занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі. Сваю назву яна атрымала ў гонар фламандскага батаніка і лекара М. Лобеля.
Герб і палажэнне аб iм было зацверджана рашэннем Лунінецкага раённага савета дэпутатаў ад 25 верасня 1998 г. № 131, флага – 15 чэрвеня 2001 г. № 90.
Аўтары герба Т.В. Канапацкая і А.А. Шпунт.