Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь
Геральдычны знак – эмблема: уяўляе сабой шчыт, які размешчаны паверх двух перакрыжаваных мячоў залацістага колеру, скіраваных вастрыямі ўніз. Поле шчыта чырвонага колеру з аблямоўкай залацістага колеру. У полі шчыта паверх прамянёў залацістага колеру, якія разыходзяцца ад падножжа, размешчана выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь залацістага колеру.
Зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21.03.2001 № 156.
Зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 01.10.2021. Нумар рэгістрацыі А-291.
Сцяг: складаецца з падвойнага палотнішча, дрэўка з навершам і падтокам, шнура з кутасамі.
Палотнішча Сцяга прамавугольнае, даўжынёй 155 см, шырынёй 105 см, вырабляецца з шаўковай тканіны чырвонага колеру. Па верхнім і ніжнім краях палотнішча маецца сіняя аблямоўка шырынёй 15 см. З трох бакоў Сцяг абшываецца залацістымі шаўковымі махрамі. Па краі дрэўкавага боку размешчана аблямоўка белага колеру з беларускім нацыянальным арнаментам чырвонага колеру. Малюнак гэтага арнаменту паўтарае малюнак арнаменту на Дзяржаўным флагу Рэспублікі Беларусь.
На пярэднім баку палотнішча Сцяга ў цэнтры вышыта выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь дыяметрам 50 см. Па аблямоўцы верхняга краю размяшчаны надпіс «ПРАКУРАТУРА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ», па аблямоўцы ніжняга краю — гірлянда залацістых дубовых лістоў, якія чаргуюцца. Лісты злучаны ў цэнтры залацістым шчытом з двума перакрыжаванымі мячамі.
У цэнтры адваротнага боку палотнішча размешчаны вышыты геральдычны знак – эмблема пракуратуры Рэспублікі Беларусь, які ўпісаны ва ўмоўную акружнасць дыяметрам 60 см. Па аблямоўцы верхняга краю размяшчаны надпіс «ЗАКОННАСЦЬ I ПРАВАПАРАДАК», па аблямоўцы ніжняга краю – гірлянда з залацістых дубовых лістоў, якія чаргуюцца. Лісты злучаны ў цэнтры залацістым шчытом з двума перакрыжаванымі мячамі.
Усе надпісы на палотнішчы вышываюцца залацістымі шаўковымі ніткамі. Вышыня літар – 9 см.
Дрэўка Сцяга драўлянае, круглага перасеку, дыяметрам 4 см, даўжынёй 250 см, афарбавана ў цёмна-карычневы колер, пакрыта лакам, мае на ніжнім канцы падток, на верхнім – наверша залацістага колеру ў выглядзе плоскага праразнога кап’я, усярэдзіне якога размешчана пяціканцовая зорка.
Шнур Сцяга кручаны, выраблены з залацістага метаніту. Даўжыня шнура – 200 см. Канцы шнура заканчваюцца сцягавымі кутасамі залацістага колеру. Шнур з кутасамі мацуецца да ніжняй часткі наверша.
Зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 21.04.2021 № 160.
Зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 01.10.2021. Нумар рэгістрацыі А-292.
Юбілейны медаль «90 год пракуратуры Рэспублікі Беларусь»: Медаль мае форму круга. На адным баку размешчана эмблема Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, унізе і па баках – стужка. У цэнтры – надпіс «ПРАКУРАТУРА», злева і справа «1922» і «2012». На адваротным баку размешчаны надпіс «90 год» і «ПРАКУРАТУРА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ». Калодка сіняга колеру, на ёй – дзве зялёныя паласы пасярэдзіне і па дзве жоўтыя паласы па краях.
Зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2012 № 230.
Устаноўлены ў дзяржаўным Геральдычным рэгістры 14.04.2014. Нумар рэгістрацыі А-195.
Нагрудны знак адзнакі «За заслугi»: уяўляе сабой шчыт, які размешчаны паверх двух перакрыжаваных мячой залацістага колеру, скіраваных вастрыямі ўніз. Поле шчыта чырвонага колеру з аблямоўкай залацістага колеру. Уздоўж аблямоўкі размешчаны дзесяць залацістых заклёпак. У цэнтры шчыта паверх прамянёў залацістага колеру, якія разыходзяцца ад падножжа, размешчана выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь залацістага колеру. Шчыт абрамлены залацістым лаўровым вянком. Шчыт і вянок спалучаюцца з рэльефнымі прамянямі серабрыстага колеру, якія разыходзяцца, і чатырма шматвугольнікамі цёмна-сіняга колеру.
У ніжняй частцы нагруднага знака пад шчытом размешчана стужка з рэльефным надпісам залацістага колеру «ЗА ЗАСЛУГІ». Стужка пакрыта рубінавай эмаллю.
Адваротны бок нагруднага знака мае гладкую паверхню, на якой выгравіраваны яго парадкавы нумар.
Нагрудны знак састаўны, вырабляецца з каляровага металу з пакрыццём ювелірнымі эмалямі.
Нагрудны знак мацуецца да адзення пры дапамозе штыфта з гайкай.
Памер нагруднага знака 46х40 мм.
Зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21.04.2021 № 160.
Зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 01.10.2021. Нумар рэгістрацыі А-293.